МолоКо:
необыкновенный журнал об обыкновенных людях
Уникальный информационный проект расскажет о жизни молодых людей с ограниченными возможностями и их здоровых сверстников по-новому - без патетики, мифов и шаблонов.
МолоКо покажет настоящих людей, настоящие события, настоящие эмоции. Героями и авторами публикаций могут стать обыкновенные люди, каждый из вас.
Як у Львове павячэраць у “партызанаў”
Калі ў вас няма шэнгенскай візы, але вельмі хочацца з’ездзіць “у Еўропу”, можаце накіравацца ў заходнеўкраінскі Львоў. Пра яго мы распавядалі раней. Гэты горад здзіўляе сваёй архітэктурай, турыстычным крэатывам і адносна невысокімі цэнамі.
Сэрвіс пад прыцэлам аўтамата
- Скажыце пароль! – запатрабаваў гучны мужчынскі голас з-за вялікіх драўляных дзвярэй праз невялікае акенца.
- Слава Украіне! Героям слава! – я хуценька закрычаў услед за сябрам, які загадзя мяне праінструктараваў.
Дзверы адчыніліся.
- Маскалёў з сабою не прывялі? – зыркнуў на нас вачыма мужык. У руках ён трымаў аўтамат.
- Не-е-е! – я хуценька заматаў галавой.
- Ну, тады заходзьце, хлопцы, - дзядзька апусціў аўтамат і саступіў з уваходу.
Мы пайшлі ў якісьці склеп, лесвіца павяла нас уніз.
“Асцярожна! Нейкі маскаль вырыў тут яму”, - я пераклаў з украінскай мовы надпісь над яшчэ адным уваходам, і мая нага правалілася ўніз. Падлога была драўлянай, выкладзеная дошкамі. У гэтым месцы яна сапраўды быццам “нырала” ўніз. Тут і здароваму чалавеку трэба здолець утрымацца на нагах. А калі хтосьці мае фізічныя абмежаванні, мусіць загадзя рыхтавацца да няпростага “рэльефу” гэтага падземнага рэстарана.
Агледзеўся навокал. На сценах – атрыбуты партызанскага жыцця. Толькі партызаны, якія паўсталі на перадруку старых фотаздымкаў, нейкія “няправільныя”, адрозніваюцца ад беларускіх. Гэта – так званыя “бандэраўцы”, удзельнікі паўстанчых атрадаў украінскіх нацыяналістаў, што падчас другой сусветнай вайны у Заходняй Украіне супрацьстаялі і “саветам”, і фашыстам.
Партызанскае меню за 100 грывен
У падземных калідорах размясціліся драўляныя сталы, такія ж лавы. У вуглах на падлозе – муляжы аўтаматаў, старыя друкарскія машынкі, сагнутыя металічныя пляшкі. На сценах – ватоўкі ды старыя фота, надрукаваныя на вялікіх кавалках нейкай тканіны.
“Расійская балалайка – 3 струны, украінская бандура – 67 струнаў. Пытанні ёсць?” – майкі прыкладна з такім надпісам і адпаведнымі выявамі дзвюх музычных інструментаў можна набыць тут. Ёсць у “Крыіўцы”, як называюць гэты незвычайны рэстаран, таксама іншыя дзіўныя сувеніры.
- Выбірайце! – хлопец ў чорнай майцы паклаў нам на стале нейкія старыя газеты. Пажаўцелая папера, загалоўкі, фота – з першага погляду штосьці падобнае на партызанскі “самвыдат”. Але калі прыгледзішся, дык разумееш, што гэта меню. Праўда, і яно з партызанскім каларытам. “Пельменяў няма, бо мы іх не робім”, - было пазначана побач іншымі стравамі. Гарэлку тут прыносяць не абы як, а ў стылізаваных шкляных бутэльках. Апельсінавы сок нам далі ў металічных кубках.
Нягледзячы на партызанскі крэатыў, публіка ў рэстаране вельмі розная. За адным сталом гагоча вялікая кампанія, за іншым вячэраюць закаханыя. Цэны адносна невысокія. Тут можна павячэраць удваіх і за 100 грывен (каля 100 тысяч беларускіх рублёў).
Пяціпавярховая лямпа з півам
Акрамя “Крыіўкі” кожнаму госцю Львова варта зазірнуць у “Гасову лямпу” – яшчэ адзін рэстаранчык, які знаходзіцца ў гістарычным цэнтры горада.
Уваходзіш у дзверы - і металічная лесвіца вужакай цягнецца ўверх. Каб наведвальнікі не сутыкаліся ў гэтым вузкім праходзе, тут нават павесілі “светлафоры”. Падыходзіш да лесвіцы – калі не гарыць чырвонае святло, націскаеш сам і ідзеш.
Інтэр’ер упрыгожвае мноства “керасінак”. Кажуць, быццам газавая (па-руску- “керосиновая”) лямпа нарадзілася менавіта ў Львове ў 1853 годе.
Гэты дзіўны рэстаранчык займае пяць ці шэсць паверхаў. Калі пройдзеш наверх усе лесвіцы, можаш апынуцца ў залі з празрыстымі сценамі, зробленымі з якогасьці шклопластыку. Там можна сядзець, піць каву і пазіраць на дахі суседніх дамоў.
Паляванне на “тэрарыста”
- Дзе вы ходзіце? – злосна дакарала правадніца. – Я ўжо збіралася вашыя рэчы на наступным прыпынку здаць міліцыі!
Хлопец маўчаў. Высветлілася, што пасля пасадкі ў Львове ён уладкаваўся на сваім месцы, пакінуў рэчы і пайшоў да сяброў у іншы вагон. Некаторыя ж пасажыры яго “роднага ” вагона захваляваліся, ці не бомба ў пакінутых рэчах. Іх падазрэнні ўзмацніліся тым, што той хлопец пайшоў са свайго вагона і правадніца не паспела забраць у яго квіток. Атрымалася, што пасажыр “згубіўся”.
- Вы павінны знаходзіцца на сваім месцы, – настойліва казала правадніца.
- Пакажыце дакумент, які гэта патрабуе, – не здаваўся хлопец.
Праз пяць хвілін абодва бакі стаміліся, і спрэчка згасла сама па сабе. Аднак, хто і калі павінен знаходзіцца, так і не высветлілі. Засталося таямніцай і тое, ці існуюць у прыродзе настольныя гульні, якія, калі верыць правілам, размешчаным на стэндзе ў калідоры вагона, праваднік абавязаны выдаваць пасажырам бясплатна.
Украінскай пенсіі хопіць толькі на два дні адпачынку на курорце
- А на нашыя грошы гэта колькі грывен будзе? – спыталася пенсіянерка-украінка, калі я ёй у вагоне арганізаваў кароткую прэзентацыю беларускіх банкнот, якія знайшліся ў маім кашальку.
- Колькі? – я працягваў глядзець на банкноту наміналам 20 беларускіх рублёў і не ведаў, што адказаць.
- Ды ніколькі, – прыйшоў на дапамогу сусед па купэ. – Гэта менш за вашу капейку.
- А колькі вам каштаваў адпачынак у нашым Моршыне, – пацікавілася украінка ў майго суседа-беларуса.
- Калі не шыкаваць, дык 500 грыўнаў за дзень. Гэта за пражыванне, лячэнне і харчаванне, – патлумачыў ён.
- Пяцьсот, – перапытала жанчына. – Дык маёй пенсіі толькі на два дні хопіць.
У гэты раз надыйшла чарга здзіўляцца нам, беларусам.
Далей да Мінска ехалі без прыгод. Калі не лічыць таго, што ўкраінскі памежнік так спяшаўся, што амаль што забыўся праштампаваць пашпарт аднаго з пасажыраў купэ, які ціха ляжаў на верхняй паліцы. Без гэтага штампа ў пасажыра, магчыма, маглі б узнікнуць праблемы, калі б ён ў чарговы раз вырашыў паехаць на Украіну.